19 траўня на факультэце сацыякультурных камунікацый адбылася 79-я навуковая канферэнцыя студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў БДУ. Кафедрай культуралогіі была арганізавана выстава творчых прац студэнтаў, прысвечаная канферэнцыі. Мастацкія і фатаграфічныя праекты прадставілі студэнткі Лізавета Смірнова, Кацярына Чуняк і Вікторыя Іваненка.
Так, студэнтка 2 курса Кацярына Чуняк, якая ідэнтыфікуе сябе як віцебскую мастачку, у сваіх працах звяртаецца да вобразаў сучаснай беларускай літаратуры, напрыклад, персанажаў твораў «Забойца анёла» В. Мудрова і «LIBIDO» Ільлі Сіна. Мастачка працуе ў змешанай тэхніцы і ў якасці асновы некаторых карцін выкарыстоўвае кляновая лісце з Віцебска, якое дапамагае матэрыялізаваць беларускі культурны код.
Студэнтка 2 курса Вікторыя Іваненка у праекце «Season’s» паказвае, што фатаграфія – гэта пазачасовы твор, якi ў кожнае надвор’е і кожны месяц года напаўняецца асаблівымі вобразамі і сэнсамі. Серыя падкрэслівае гармонію чалавека з прыродай, іх заўсёды новае, разнастайнае ўзаемадзеянне.
Лізавета Смірнова, студэнтка 3 курса, сваімі фатаграфіямі даказвае: штодзённасць ёсць твор мастацтва. Зрабіўшы выпадковыя кадры блізкіх людзей і звыклых гарадскіх пейзажаў, можна зразумець, што прыгажосць заключаецца ў кожным сустрэчным чалавеку і аб’екце, у якіх мы бачым няўлоўна знаёмае i роднае.
Выставу курыравалі дацэнт Э.А. Усоўская, студэнткі Ганна Саснавік, Ліяна Шымановіч і Аляксандра Куўшынчыкава-Няворская.