1 снежня адбылася сустрэча, прысвечаная вынікам этнаграфічнага летніка «Карагоднае кола», які праходзіў 1–7 жніўня 2022 г. у в. Пагост Гомельскай вобласці. Пагост вядомы сваім унікальным абрадам – Юраўскім карагодам, унесеным у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Летняя школа аб’яднала носьбітаў пагашчанскай традыцыі, студэнтаў і выкладчыкаў БДУ і БДУКМ, а таксама людзей, якія з’яўляюцца аматарамі беларускай традыцыйнай культуры ці прафесійна займаюцца яе вывучэннем і захаваннем.
На сустрэчы абмяркоўваліся дасягненні мінулага летніку, яго актуальнасць. Даклад аб важнасці падтрымання нематэрыяльнай спадчыны і далейшых перспектывах развіцця такіх культурных праграм, як летняя школа, падрыхтавалі студэнткі Ганна Саснавік, Ліяна Шымановіч, Аляксандра Куўшынчыкава-Неворская. Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі студэнткі БДУКМ, якія займаюцца этнафоназнаўствам і удзельнічаюць у гурце «Човэн». Яны вывучаюць асаблівасці спеўнага стылю Пагосту і суседніх вёсак падчас этнаграфічных экспедыцый і на сустрэчы выканалі некаторыя з запісаных песень.
Куратар і аўтар ідэі мерапрыемства – старшы выкладчык Ала Барысаўна Сташкевіч, мадэратар – дацэнт Эліна Аркадзьеўна Усоўская.