Студэнты БДУ – за ўзнаўляльныя крыніцы энергіі i ахову навакольнага асяроддзя

Дата: 2016/12/10


Пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры экалогіі чалавека Дзюбковай Т.П. у лістападзе бягучага года на факультэце міжнародных адносін прайшла чарговая студэнцкая навуковая канферэнцыя, мэта якой – абмен інфармацыяй паміж студэнтамі розных краін аб стане іх паліўна-энергетычнага комплексу, перспектывах выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі і ахове навакольнага асяроддзя. Акрамя студэнтаў – грамадзян Беларусі, у канферэнцыі прынялі ўдзел грамадзяне Туркменістана, Таджыкістана, Кітая, Казахстана, Расійскай Федэрацыі, Ірана, Эквадора, якія навучаюцца ў БДУ на вышэйзгаданым факультэце. Агульная колькасць удзельнікаў – студэнтаў 1 курса трох аддзяленняў факультэта (міжнароднае права, міжнародны турызм, мытная справа) перавысіла 230 чалавек. Студэнцкая навуковая канферэнцыя з’явілася платформай для абмеркавання экалагічных праблем, звязаных з забруджваннем навакольнага асяроддзя прадуктамі спальвання выкапнёвых відаў паліва, перш за ўсё з эмісіяй парніковых газаў у атмасферу Зямлі, іх уплыву на змяненне клімату на планеце, а таксама шляхоў гарманізацыі выкарыстання энергетычных рэсурсаў і аховы экалагічных сістэм.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі асабліва вызначылася ўзроўнем арганізацыі мерапрыемства і якасным крэатывам 12 група аддзялення “Міжнародны турызм”. Дружалюбную творчую атмасферу ў студэнцкай аўдыторыі літаральна з першых хвілін стварылі харызматычныя мадэратары Аліна Грабеннікава і Аліна Марціновіч.

Пасля кароткага ўступу яны прадэманстравалі відэа, якое адпавядала тэматыцы канферэнцыі і пацвердзіла актуальнасць пытанняў, што патрабавалі вырашэння. Працягам канферэнцыі сталі выступленні Таццяны Ярашэнкі, Ганны Раманчук, Карыны Трацюк, Аляксандры Іванч.

Размова ішла пра забеспячэнне энергетычнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, змяненне структуры спажывання паліва як неадкладнай меры, накіраванай на змяншэнне забруджвання атмасферы тэхнагеннымі выкідамі і скарачэнне эмісіі парніковых газаў, ролю і месца ў паліўна-энергетычны комплексе краіны ўзнаўляльных крыніц энергіі і мясцовых відаў паліва, праблемы іх выкарыстання ў найбліжэйшай і доўгатэрміновай перспектыве. Змястоўныя мультымедыйныя прэзентацыі і майстэрства выступоўцаў у сукупнасці з актуальнасцю разглядаемых пытанняў справакавалі актыўную дыскусію. Найбольш горача ўдзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі праблему сартавання і перапрацоўкі ў Беларусі цвёрдых бытавых адходаў з вытворчасцю электрычнай і цеплавой энергіі, меры стымулявання насельніцтва да раздзельнага збору смецця. Шэраг пытанняў пасыпаўся не толькі да выступоўцаў, але і ў якасці зваротнай сувязі ад дакладчыкаў да прысутных ва аўдыторыі. Гучала шмат новых ідэй, прапаноў, меркаванняў. Актыўнымі ўдзельнікамі дыскусіі былі Кацярына Клімовіч, Сільвія Баазіс, Аляксандр Кракасевіч, Насця Булойчык, Дар’я Байкова і інш.

Выкладчык дысцыпліны дацэнт Дзюбкова Т.П. уважліва назірала за ходам канферэнцыі і была задаволена як зместам дакладаў, так і актыўнасцю студэнтаў.

Мадэратары прадбачліва падрыхтавалі смачныя салодкія прызы, якімі з задавальненнем узнагароджвалі аўтараў найбольш цікавых ідэй пад гарачыя апладысменты прысутных. Яшчэ адной падставай для дыскусіі стала выступленне Соф’і Голад аб сучасным стане і перспектывах развіцця атамнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь.

Студэнты Аляксандр Кракасевіч і Ілля Багданаў па сваёй ініцыятыве падрыхтавалі і прэзентавалі даклад аб атамных электрастанцыях Расійскай Федэрацыі, Украіны і некаторых іншых краін, радыёактыўныя выкіды якіх могуць уяўляць небяспеку для беларусаў у выпадку аварыі.

Студэнцкая навуковая канферэнцыя прайшла на высокім узроўні. Моладзь БДУ яшчэ раз пацвердзіла той факт, што яна не толькі валодае высокім інтэлектуальным патэнцыялам, але і неабыякава ставіцца да праблем, якія на сучасным этапе хвалююць усё чалавецтва. Студэнты факультэта міжнародных адносін выступаюць за рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі па энергазберажэнню, павелічэнне аб’ёмаў выкарыстання ўзнаўляемых крыніц энергіі і мясцовых відаў паліва ў краіне пры ўмове беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. На апошнім фотаздымку – студэнты 1 курса 12 групы аддзялення “Міжнародны турызм”.

Читайте также